В. Цэпкала: Ці ёсць hi-tech для сферы культуры?

10 мая 2012

Інтэрв'ю з Валерыем Цэпкала, дырэктарам адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, апублікаванае ў газеце"Культура"

Віртуальная экскурсія — не мяжа тэхнічных дасягненняў

Парк высокіх тэхналогій - фактычна, беларускі аналаг сусветна вядомай "Сіліконавай даліны". Менавіта ў ім створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця індустрыі праграмавання, іншых экспартных вытворчасцей. Тут таксама сканцэнтраваны вялізны кадравы, навуковы і інвестыцыйна-фінансавы патэнцыял нашай краіны. Пра развіццё ІТ-тэхналогій сучаснасці і будучыні на Беларусі ды іх прымяненне ў сферы культуры карэспандэнт "К" гутарыў з дырэктарам ПВТ Валерыем ЦЭПКАЛАМ.

- Валерый Вільямавіч, тыя тэхналогіі, што распрацоўваюцца ў Парку высокіх тэхналогій, патрэбны не толькі ў эканоміцы, але і ва ўсіх іншых сферах жыцця грамадства. А ці шмат кампаній, што зарэгістраваны ў ПВТ, узаемадзейнічае з установамі культуры Беларусі?

- За мінулы год кампаніі ПВТ зладзілі прыкладна 12 тысяч праектаў для беларускіх заказчыкаў і каля 100 тысяч - для замежных. Сярод гэтых праектаў ёсць і тыя, што датычацца сферы культуры. Напрыклад, адна з нашых кампаній распрацоўвала праграмнае забеспячэнне для сістэмы продажу білетаў на культурныя мерапрыемствы ў рэжыме он-лайн. Вельмі добрыя стасункі маем і з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Адна з кампаній-рэзідэнтаў ужо рабіла шмат прадуктаў для НББ, ды і цяпер стварае бібліятэчны электронны каталог: сістэму каталагізацыі, праграмы па выдачы кніг, доступе да алічбаваных копій.

- Але падобных ІТ-праектаў, датычных культуры, на сёння не так ужо і багата. Магчыма, кіраўнікі устаноў сферы не бачаць неабходнасці ўсталёўваць у сябе найноўшае праграмнае забеспячэнне?

- Сапраўды, шмат што ў гэтым кірунку залежыць ад заказчыкаў, бо кампаніі ПВТ, у прынцыпе, могуць зрабіць сёння любое праграмнае забеспячэнне. Будуць заказы на нашы распрацоўкі для сферы культуры - мы іх абавязкова прадставім. Але справа тут яшчэ вось у чым. На жаль, сёння ІТ-тэхналогіі, звязаныя з праграмным забеспячэннем, не карыстаюцца асаблівым попытам у Беларусі. І я, да прыкладу, не бачу, у тым ліку з боку дзяржаўных органаў, значных крокаў па ўкараненні падобнай прадукцыі. Скажам, у параўнанні з Казахстанам мы значна адстаём у гэтым плане. У нашых партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы і Мытным саюзе даўно ўжо можна заплаціць усе падаткі, зрабіць новы пашпарт або вадзіцельскае пасведчанне не выходзячы з дому - праз Сеціва. А ў нас такое пакуль што немагчыма.

- Але паступова і ў Беларусі пачынаюць укараняцца перавагі найноўшых тэхналогій. Напрыклад, калі казаць пра сферу культуры, ствараюцца музейныя гіды, віртуальныя чытальныя залы... Магчыма, гэта адбываецца надта павольна...

- Я, шчыра кажучы, матэрыяліст у гэтым плане: лічу першасным эканоміку, узровень дабрабыту грамадзян, а другасным - усё іншае...

- Але палепшыць той жа ўзровень сферы культуры можна і з дапамогай дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Ці ёсць падобныя прыклады сацыяльнага партнёрства сярод кампаній, якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій?

- Напрыклад, значныя фінансавыя сродкі мы ўкладаем у сістэму адукацыі. За апошнія пяць гадоў амаль у кожнай ВНУ краіны былі створаны нашы лабараторыі - цяпер іх недзе пад пяцьдзясят. Там прадстаўлена не толькі сучаснае абсталяванне, але і бясплатна чытаюцца лекцыі, ладзяцца семінары ды прыктыкумы. У падобных лабараторыях студэнтаў рыхтуюць да таго, каб яны пасля з пэўнымі напрацоўкамі змаглі ўладкавацца ў розных кампаніях. Магчыма, і ў тых, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага Парку.

- А ці існуе такая лабараторыя на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў?

- Мы вельмі хацелі стварыць яе ў БДУКіМ і рыхтаваць там спецыялістаў у сферы камп'ютарнай графікі для кінавытворчасці. Мелі пад гэта і рэальны праект. Справа ў тым, што гады тры таму ў Мінск прыязджаў амерыканскі прадзюсар Брэд Крэвоў, які хацеў здымаць кінастужку на базе "Беларусьфільма". Але яго праект, на жаль, так і не быў рэалізаваны, таму стварэнне лабараторыі на базе Універсітэта культуры і мастацтваў - пад пытаннем. Хаця падрыхтоўка такіх спецыялістаў, на маю думку, - вельмі перспектыўная.

- Але, натуральна, падобны праект патрабуе значных фінансавых сродкаў. Плануеце прыцягнуць пад яго інвестыцыі?

- Так. Але ў гэтым плане хачу закрануць вось які аспект. Калі мы кажам пра прыцягненне інвестыцый, дык у нас нярэдка спрацоўваюць яшчэ старыя падыходы: маўляў, калі ўзвялі новы будынак - гэта лічыцца інвестыцыямі, а калі кампанія выдаткоўвае на стварэнне аднаго працоўнага месца каля 10 тысяч долараў, дык гэта нібыта не інвестыцыі. Сума ж тая - не ўзятая, як кажуць, "са столі", а цалкам рэальная: у яе ўваходзяць і адукацыя чалавека, і навучанне пэўным навыкам, і арганізацыя рабочага месца. Мяркую, сацыяльная адказнасць бізнесу таксама выяўляецца ў гэтым. Вось мы летась у ПВТ стварылі прыкладна 2600 новых рабочых месцаў.

Увогуле, чалавечы капітал - самае каштоўнае, што ёсць у любой краіны. І нашы ўкладанні ў яго ўжо прынеслі свой плён. Так, першы і самы буйны рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій ажыццявіў не так даўно выхад на сусветны фондавы рынак: беларускі сцяг упершыню за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі ўзняўся на Уол Стрыт - на будынку нью-ёркскай фондавай біржы! Дадам, што спажыўцамі беларускага праграмнага забеспячэння, што робіцца ў ПВТ, сёння выступаюць заказчыкі з 55 краін свету, у тым ліку з ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Сінгапура... Вось таму і кажу: чалавечы капітал для нашай краіны - самы каштоўны з усіх іншых. З гэтай прычыны неабходна працягваць ствараць спрыяльныя ўмовы для працы адораных людзей на карысць Беларусі, а таксама прыцягваць у нашу краіну прадпрымальнікаў з усяго свету. У тым ліку - з дапамогай пэўных падатковых ільгот.

- На сайце ПВТ Беларусь пазіцыянуецца як краіна з еўрапейскай культурай... Наколькі падобная інтрадукцыя дапамагае ў бізнес-кантактах з прадстаўнікамі замежнага капіталу?

- Так, мы сапраўды пазіцыянуем, што наша культура - частка еўрапейскай. Мы чытаем адных і тых жа аўтараў, маем супольную гісторыю і развіваемся ў адным рэчышчы з Еўропай. Для еўрапейцаў гэта вельмі важна, і таму ім з намі працаваць нашмат лягчэй, чым, напрыклад, з індусамі ці кітайцамі. Хаця той жа Кітай цяпер інтэгруецца ў сусветную супольнасць.

- І апошняе. Што чытаеце, які музей, тэатр наведалі апошнім часам?

- На жаль, часу на культурныя мерапрыемствы маю не так ужо і багата. Але чытаю даволі шмат. Нядаўна прачытаў кнігу пра Стывена Джобса, напісаную Уолтэрам Айзексанам, - вельмі цікава. Таксама перачытваю работы Марціна Хайдэгера, які, як вядома, шукаў кропкі судакранання паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі, а яшчэ пераклаў і напісаў прадмову да працы Махатміра Махамады "Шлях наперад", прысвечанай вопыту развіцця Малайзіі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ